«ВИ́ТЕБСКИЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штодзённа з 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 у Віцебску на рус. мове; замяняла неафіц. аддзел газ. «Витебские губернские ведомости». У 1906 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, пазней — прыватная газ. ліберальна-кадэцкага кірунку. Асуджала імперыял. планы царызму ў рус.-яп. вайне 1904—05, рэпрэсіі супраць удзельнікаў 1-й рус. рэвалюцыі і інш. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі, выступала за культ.-нац. і тэр. аўтаномію яе народаў. Вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання. Змяшчала літ. творы рус. і мясц. аўтараў. Асвятляла пытанні мясц. жыцця, эканомікі, нар. асветы, тэатр. і муз. навіны горада.
У.М.Конан.
т. 4, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)